Першым крокам чытача такой анталёгіі можа быць увага, выкліканая палітычнай і грамадзкай сытуацыяй у Беларусі. Наступным, калі пашанцуе, будзе разуменьне, што ў народа, якому спачуваеш і які безумоўна падтрымліваеш у яго змаганьні за свабоду, можа быць цалкам цікавая, яшчэ ўчора невядомая табе літаратура. Тут усё залежыць ад таго, якую кніжку гэты «нэафіт» возьме ў рукі першай — і ці расчаруецца, ці захоча чытаць далей. Нешта падказвае мне, што для польскага чытача (нават даволі адукаванага й падрыхтаванага) беларуская літаратура і на сёньняшні дзень — тэра інкогніта. (Прынамсі, адпаведны яму беларускі чытач ведае пра польскую літаратуру значна болей.)
Вокладка кнігі «Анталогія беларускай паэзіі», выдавецтва Ossolineum, Уроцлаў, 1978.
Нельга сказаць, што анталёгія беларускай літаратуры зьяўляецца ў Польшчы ўпершыню. Думаю, у любой прыстойнай бібліятэцы можна знайсьці сякія-такія выданьні. У часах позьняй ПНР у сэрыі «Biblioteka Narodowa» выходзіла «Antologia poezji białoruskiej» (Уроцлаў, Ossolineum, 1978), з цалкам прыстойнымі паэтычнымі перакладамі, зробленымі Янам Гушчам. Празь некалькі год аўтарытэтны часопіс «Literatura na Świecie» падрыхтаваў прысьвечаны беларускай літаратуры тэматычны нумар (№ 11 (136), 1982). Туды ўвайшла культавая аповесьць Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы», а таксама вельмі прэзэнтатыўная на той час падборка нашай паэзіі і кароткай прозы — ад Янкі Купалы і Якуба Коласа да Рыгора Барадуліна і Міхася Стральцова. Вось толькі адбылося гэта амаль паўстагодзьдзя таму, а потым доўгі час не было нічога ці амаль нічога.
Вокладка кнігі «Беларусь. Краіна, аточаная высокімі гарамі», фота: Biblioteka Borussii, Ольштын, 2004
Наступныя выданьні пачалі выходзіць ужо ў ХХІ ст. Варта згадаць зборнік сучаснай беларускай прозы з фантасмагарычна-інтрыгоўнай назвай «Białoruś kraina otoczona wysokimi górami» (Ольштын, Biblioteka Borussii, 2004, укладальніцы і перакладчыцы Малгажата Бухалік і Катажына Катыньска). Потым уроцлаўскі Калегіюм Усходняй Эўропы пачаў выпускаць сэрыю «Беларуская Бібліятэка», у якую ўвайшлі дзьве паэтычныя анталёгіі.
Вокладка кнігі «Я не схіляў галавы перад сілай. Анталогія беларускай паэзіі XV–XX ст.», фота: Kolegium Europy Wschodniej im. Nowaka-Jeziorańskiego, Уроцлаў, 2008
Першая — грунтоўная 600-старонкавая «Nie chyliłem czoła przed mocą. Antologia poezji białoruskiej od XV do XX wieku» (Уроцлаў, Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2008, укладальнікі Лявон Баршчэўскі і Адам Паморскі), а другая — укладзеная аўтарам гэтых словаў «Pępek nieba. Antologia młodej poezji białoruskiej» (Уроцлаў, Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2006). Абодва выданьні прадстаўляюць знакавыя для свайго часу імёны, абодва — беларуска-польскія білінгвы, абодва перакладзеныя на выдатным узроўні (асабліва вылучаецца праца Адама Паморскага). І ўсё было б здорава, каб дыстрыбуцыя выданьняў была лепшай і просты сьмяротны мог бы іх знайсьці ў звычайнай кнігарні. Так ці інакш, мінуў яшчэ тузін гадоў — і зьявілася анталёгія «Ўсход свабоды», прэзэнтаваная 29 лістапада на аднайменным фэстывалі Wschód wolności.