«Мы, працаўнікі сфэры культуры, — казалася ў ім, — абвяшчаем #культпратэст. Наш #культпратэст пакліканы аб'яднаць усіх людзей творчых прафэсій. Пад тэгам нашага #культпратэсту мы будзем рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё — ствараць мастацтва. І ацэньваць яго будуць ня нейкія мастацкія саветы, а народ Беларусі, які прачнуўся. Наш #культпратэст будзе сьпяваць, здымаць відэа, маляваць карціны, праводзіць мерапрыемствы для свабодных грамадзян, а не для абрыдлай усім улады! Мы адмаўляемся браць удзел у любых дзяржаўных мерапрыемствах, выстаўляць ім сьвятло і гук, рабіць “дызайн” для іхных плакатаў, грыміраваць артыстаў, якія вырашылі там прысутнічаць».
Помню скептычныя галасы маіх знаёмых. Маўляў, лёгка бунтаваць паэтам у сваіх блогах. Складаней — скульптарам-манумэнталістам, дырыжорам і ўдзельнікам аркестраў, рэжысёрам і акторам тэатраў, усім, чыё мастацтва відавочна патрабуе падтрымкі і ў несвабоднай дзяржаве кантралюецца ўладамі.