І тут мае паралельныя рэальнасьці злучыліся ў адну. Тыя самыя настроі, тыя самыя сюжэты, страхі і радасьці, тыя самыя паводзіны ўладаў і апанэнтаў, якіх першыя перасьледуюць, арыштоўваюць і, урэшце, забіваюць.
Я проста фізычна адчуў, што такое адзінства беларускай гісторыі і адзінства беларускага лёсу. Нішто не зьмянілася за гэтыя 200 і болей гадоў. Ад першых парасткаў новай нацыі да абвешчанай Каліноўскім новай беларускай палітычнай дактрыны: «Толькі тады, народзе, зажывеш свабодна, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».
Сёньня мільён людзей на вуліцах беларускіх гарадоў пад бела-чырвона-белымі сьцягамі прагнуць таго самага — жыць у свабоднай, незалежнай, праўдзівай і добрай для сябе краіне.
Сёньня ўлады, як і ў часы генэрал-губэрнатара Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі графа Мураўёва, стаяць на тых самых прынцыпах: расейскай мове і школе, расейскай царкве і бюракратыі, турмах і вайсковай сіле. Нічога не зьмянілася і ня зьменіцца ў іх паводзінах за ўсе часы. Забойствы, катаваньні і хлусьня. Нічога новага яны ня здольныя прапанаваць і не прапануюць.
Бо новае можа быць толькі зь іншага боку барыкады. Бо калі згуртаваная сёньня, як ніколі, нацыя, вызваліцца ад дыктатуры, яна ўрэшце адбудзецца. Бо наша найлепшая ў сьвеце краіна, паклаўшы за ўвесь час мільёны ахвяраў і стварыўшы сваю непаўторную культуру, гэтага заслужыла.
І, каб завершыць улюбёны жанр ронда, згадаю, што памёр Шумскі, маючы 80 гадоў, і тое не сваёй сьмерцю, а заразіўшыся ў тагачаснай пандэміі — халерным паморку.
Сяргей Дубавец — беларускі журналіст, літаратар і крытык, лаўрэат прэмій «Гліняны Вялес» (2005) і «Залаты апостраф» (2015).