Ланцуг пакаяньня: Беларусь 21.08.2020
Тых, хто назірае за беларускімі пратэстамі 2020 года збоку – пераважна замежных сяброў, салідарных з нашымі пратэстоўцамі, – уражвае каляровы кантраст. Сотні тысяч унутрана свабодных людзей, што выходзяць на мірныя пратэсты пераважна ў белых строях, – і чорны колер узброеных людзей у форме, што намагаюцца гэтыя пратэсты здушыць. Амаль як на шахматнай дошцы, дзе гуляюць белыя і чорныя, або ў дзіцячай казцы, дзе сышліся ў двубоі сілы дабра і зла. Трэба дадаць, у страшнай дзіцячай казцы.
Амаль зьніклі адценьні і нюансы, што маркіруюць дарослы сьвет. З аднаго боку – прынамсі паўмільёна беларусаў, што выйшлі і працягваюць выходзіць на вуліцы сталіцы і практычна ўсіх гарадоў, абураныя найбольшай у гісторыі краіны фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў, не спалоханыя пагрозамі, ня зломленыя гвалтам. Сапраўдныя “воіны сьвятла”, як пяецца ў песьні Сяргея Міхалка. Але сёньня хочацца зьвярнуць увагу якраз на другі бок.
На тых, якія сёлета ня проста б’юць мірных жыхароў дубінкамі і пакуюць у аўтазакі (да гэтага пратэстоўцы былі маральна гатовыя), але і страляюць на паражэньне гумовымі кулямі (мэдыкі дыягнаставалі сотні агнястрэльных ранаў), ужываюць сьветлашумавыя гранаты, вадамёты і сьлезацечны газ. Якія, зацягнуўшы ахвяраў у свае аўтобусы (часам нават цынічна выкарыстоўваючы машыны хуткай дапамогі), жорстка б’юць і зьдзекуюцца зь іх усю дарогу да месца часовага затрыманьня. А потым працягваюць катаваньні – і ўзмацняюць іх да нечуваных зьверстваў – у месцах затрыманьня. Адкуль у шоку, які міне вельмі няхутка, выходзяць зьбітыя на горкі яблык і згвалтаваныя дубінкамі ахвяры. (Калі наогул выходзяць, бо некаторыя ўдзельнікі пратэстаў лічацца пакуль зьніклымі бязь вестак. Пяцёра забітых, сотні параненых, тысячы затрыманых. Пачынаюць знаходзіць павешаных – і вэрсія самагубства гучыць непраўдападобна.)
Picture display
standardowy [760 px]
Дэманстрацыя апазіцыі на плошчы Незалежнасці, Мінск, Беларусь, 23 жніўня 2020 г. Фота: Валерый Шарыфулін
Хто гэтыя злачынцы, што выконвюць злачыныя загады? Вершнікі Апакаліпсісу? Толкіенаўскія назгулы? Касьмічныя дарты вэйдэры? (Амапаўцаў за іх характэрную форму даўно ўжо празвалі ў народзе “касманаўтамі”). На жаль, гэта нашыя суграмадзяне, насельнікі Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі МУС – у дзяржыве, дзе КДБ ня толькі існуе, але, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краінаў, нават не перайменаванае. То бок ганарыцца сабой і не замятае сьлядоў. Лічыць сябе годным пераемнікам ЧК, ГПУ і НКВД. Яно і ня дзіўна, калі побач існуе музэйна-турыстычная атракцыя пад назвай “Лінія Сталіна”, калі былы міністр унутраных справаў яшчэ нядаўна любіў пафарсіць у форме нкусаўца, калі ў Менску ды іншых беларускіх гарадах шмат вуліцаў дагэтуль завуцца імёнамі сталінскіх забойцаў. Большасьць грамадзянаў проста ня ведае гэтых імёнаў і не задумваецца над сэнсам назваў, як яшчэ ўчора не задумвалася пра існаваньне тысяч амапаўцаў ды іншых сілавікоў, якіх штодня рыхтуюць да тэрору супраць уласнага народу. Тэрору, які пачаўся далёка не ў 2020 годзе. Які ў менш заўважнай усёй краіне, але ж істотнай ступені меў месца і падчас разгонаў мірных дэманстрацыяў 2017, 2010, 2006 гг. Гэта толькі мне мая памяць падказвае, але ж ёсьць у нас “пратэстанты” са стажам, нашмат саліднейшым за мой.
(Не)расстраляная паэзія
Picture display
standardowy [760 px]
Масавыя пахаванні ахвяр, загінулых ад расстрэлаў НКУС у 1937-1941гг., Курапаты каля Мінска, Беларусь. Фота: Наталля Федосенкава
У Беларусі фактычна не адбылося ніякай дэкамунізацыі, і шмат характэрных для савецкай эпохі працэсаў працягваецца, асабліва ў галовах людзей, што належаць да ўладаў. Таму таталітарны рэжым Лукашэнкі, які некалі выклікаў хутчэй паблажлівы сьмех сваім падабенствам да маразматычных часоў позьняга Брэжнева, сёньня ўсё больш нагадвае самы жорсткі сталінізм, а ахвяры беларускага лета 2020 – ахвяраў культу асобы 1930-х гг.
Беларускія публіцысты і паэты ўсё часьцей згадваюць пра 1937 год, асабліва пра адну дату – 29-30 кастрычніка 1937, крывавую дату для беларускай культуры, калі за адну ноч расстралялі больш за сто інтэлектуалаў, сярод якіх было і некалькі дзясяткаў вядомых літаратараў. Нібыта рэабілітаваных у сярэдзіне 50-х і нават перавыдадзеных тоненькімі кніжкамі, але з настолькі адцэнзураванымі біяграфіямі і творамі, што яны дагэтуль так і не занялі належнага ім месца ў нашым літаратурным каноне. Іх не вывучаюць у школе і наагул на афіцыйным узроўні стараюцца згаваць паменей. Нават у някепска адукаваных людзей здараецца шок пры знаёмстве зь іх творчасьцю: як так можна, каб настолькі таленавітыя творцы дзесяцігодзьдзямі заставаліся зусім нязнаныя?
Гэтае пытаньне часта гучала, калі шэраг беларускіх музыкаў і літаратараў адзначылі ў 2017 сумны юбілей ночы зьнішчаных пісьменьнікаў сумесным праектам “(Не)расстраляная паэзія”. Мы выбралі дванаццаць аўтараў: дзесяць зь іх – Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Юлі Таўбін, Валер Маракоў ды іншыя – пісалі па-беларуску, а двое – Мойшэ Кульбак і Ізі Харык – на ідышы. Літаратары і дасьледчыкі літаратуры прачыталі дванаццаць публічных лекцыяў пра іх жыцьцё і творчасьць.
Дванаццаць знаных музыкаў і музычных гуртоў выбралі па адным вершы, зь якога была зроблена песьня. Выніковы канцэрт адбыўся ў сумны юбілей пры вялікім аншлагу (які назіраўся і падчас лекцыяў). 12 постацяў пашырылі да 18. І ўсе песьні цяпер даступныя для слуханьня, а выніковая кніга зь лекцыямі пра герояў і іх выбранымі творамі зьявіцца неўзабаве.
А ў дні сёлетніх беларускіх пратэстаў пытаньне пра сумную пераемнасьць 1937 і 2020 загучала зноў. Калі 21 жніўня ўдзельнікі пратэстаў сталі ў Менску ў вялікі “Ланцуг пакаяньня” паміж урочышчам Курапаты, дзе ў 37-м закопвалі сваіх ахвяраў сталінскія злачынцы, і сьледчым ізалятарам на Акрэсьціна, дзе асабліва лютуюць з затрыманымі сёньняшнія пераемнікі нкусаўцаў. Тысячы людзей расьцягнуліся ланцугом на 13 км. Для кагосьці з удзельнікаў гэтая падзея стала сапраўдным духоўным пакаяньнем. Хтосьці ўсур’ёз задумаўся пра неабходнасьць дэкамунізацыі. А хтосьці (і гэта таксама нямала!) проста шчыра ўразіўся, як жа нас шмат выходзіць на пратэсты, – не баючыся тэрору з боку дыктатара і яго сілавікоў.
Тэкст на рускай мове