Песня Тыртэя
Нешта бракуе іх кволаму спеву
Пэўнасці і прыгажосці!
Лютні чаму з нетрывалага дрэва,
Не са слановае косці?
Ды нетрывалая песня – чаму так
Сэрца вярэдзіць, жывая?
Бы каралева-выгнанніца смутак
За лахманамі хавае!
Сонца-паэт, што арліным палётам
Голас даваў боскім тайнам, –
Не разарваны ільвамі, а скотам
Спляжаны, быдлам звычайным!..
Ты, што рабіў тагасветныя цені
Струнамі, зорнаю лірай –
І летуцелі ў шчаслівым трымценні
Одай магутнай і шчырай!..
Што ў жыццядайную моц і надзею
Плач перайначыў гаротны,
Покуль сыходзіў за жонкай, Арфею,
Ты, за смяротнай – смяротны…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ты, што ступаеш на попел Эрэба, –
А залатыя катурны
Крокамі майстра шліфуюць, як трэба,
Формы жалобнае урны…
Цар апраметнай – нястрашнае боства
Богу, што выстраіў пекла
Ў спеў каралеўскі. (А пурпур – убоства.)
…Што ж задрыжаў ты нягегла?
Кедры ў пустэльні растуць, не ў цяпліцы;
З праху расце перамога…
Дзе ў нас вялікім паэтам з’явіцца?
Там, дзе вялікіх – нікога…
Хопіць гісторыку часу і працы,
Словам – гучання і духу:
Голас паэта разносіць на пляцы
Вешчыя шэпты на вуха.
Пяшчота
Пяшчота – як ручай у ціхім плёску,
Як хор жалобных галасоў,
Як бітва да канца…
*
Ці пасма светлых валасоў,
Як ланцужок, заплеценая ў коску,
Ў гадзінніку ўдаўца – – –
Неба і зямля
“Не лётай у аблоках, рэалісты
Глядзяць туды, дзе прагная магіла
Трымае ўсіх, што і да нас жылі!”
– І ўсё ж, як ні ўзірайся ў даль і блізь ты,
Паўсюль пабачыш мора небасхілу –
Над выспачкай зямлі.
Крыж і дзіця
1
– Тата! Нас – наўпрост
Нясе паводкай:
На вялікі мост –
Маленькай лодкай!
2
Збоч! Табе і мне –
Загінуць лёс там:
Мачту ператне –
Крыж-накрыж – мостам!
3
– Сыне! Крык суціш,
Бо маем мэту.
Будзь, што будзе! Крыж –
Збавенне свету!..
…Глянь! Прастора й выш,
Сышла жуда ўся!
*
– Дзе ж падзеўся к р ы ж?
*
– Нам б р а м а й стаўся!
Смерць
1
Пачуўшы, як чарвяк грызе карэнне,
Крані струну й спявай у ціхім звоне;
Не думай аб сталенні і старэнні,
Аб хуткім сконе…
2
Яшчэ антычны грэк давёў яскрава
Няцяжкі спосаб верыць запавету:
Прысутнасць смерці ў свеце – толькі з’ява,
Не сутнасць свету.
3
Дзе б ні збірала смерць сваю даніну,
Яна – як фон, як сон зямлі тутэйшы,
Жыве – пакуль бярэ – адну хвіліну,
А ты – старэйшы.
Той, што сышла
(На магільным камені)
Пакінь наросцеж краты гэтай брамы
І ўсё вышэй ляці – – бо час туды нам,
Дзе ўсё – нішто, ды кожны – важны самы,
Дзе стане раз’яднанае – адзіным!..
Там сэрцаў хор наўзрыд чакае: “Дзе ты?”
З мільёнаў воч сляза цячэ вякамі…
Два ступакі над купалам планеты,
Прабітыя цвікамі…
* * * * * * * * * * * * * * * *
Там шмат маіх радкоў – ляці і гэты.
Споведзь
Гладыятар
Я парваў з мінулым, ойча Яне,
Ды арэна цырку – у крыві ўся:
Лютай смерцю гінуць хрысціяне
Там, дзе гладыятарам я біўся.
Хутка і мяне дзеля забавы
Кінуць на арэну цыркавую,
Толькі з лютай смерцю – меў я справы,
Разрываў нярэдка пашчу льву я.
Што, калі стрымацца не змагу я?
(Навыкі байца – напагатове.)
Я заб’ю – а публіка лікуе,
Прагная крыві, а не любові!
Айцец Ян
Сыне, мы жывем не дзеля скону –
Сведкі мы, што цемру пераможа
Той, хто несмяротнасць даў Самсону!
* * * * * * * * * * * * * * * * *
Гладыятар
Алілуя!.. Te salutant, Божа...
Апошні тыран
“Што ў свеце?” – “Зрынулі апошняга тырана!
У тэлеграме…”
“…Цуд! Для келіха не рана?
Прашу сядаць! Які тыран?” “Што найбрутальней…”
“Вось навіна!.. Віна? Чакайце, у вітальні,
Здаецца, госці… Князь!.. Вось хто пра ўсё раскажа!..
Усіх прашу сядаць!.. Што ў свеце, любы Княжа?”
*
“У тэлеграме…” – “Так! А можа, апельсінаў?
Ці лепей ліманад халодны?” – “Шмат навінаў:
На Кіпры – саранча, у Грэцыі – паморак,
Даюць “Севільскага цырульніка”, шмат зорак”.
“Мальтыйскі апельсін? Ці, можа, мандарынаў?
Частуйцеся!..”
*
“…Дык хто і дзе тырана зрынуў?”
*
“Нас папярэдзілі, экс-камергерша будзе,
Што пасынкам заве асілка аднаго –
Старэйшы за яе, выходзіць з ёй у людзі…”
“Цішэй, якраз ідуць…”
“…Дык зрынулі каго?!”
Для Пані М., што купляе талерку
1
Ёсць пакаленні, гарады, плямёны,
Часы й краіны,
Што ўнукам пакідаюць не кароны, –
Аскепкі гліны.
2
А Даме ўвесь музейны скарб шляхетны –
Збаночак толькі:
Не ведае, што топчуць каля Этны
Абцасы полькі…
3
Народаў з гарадамі – колькі знікла
У занядбанні! –
Як слуг, што падаюць талерку звыкла
Вяльможнай Пані.
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч