Пры іншых акалічнасьцях такое мог бы напісаць і іншы геніяльны аўтар, амаль равесьнік і зямляк, добры знаёмы Мілаша, беларускі паэт Максім Танк. Чалавек, што пражыў трохі карацейшае, чым Мілаш, але досыць доўгае жыцьцё (1912-1995), таксама насычанае самымі рознымі нечаканымі паваротамі й гістарычнымі катаклізмамі.
“Дзеці Эўропы”
Максім Танк – таксама “дзіця Эўропы”, той “роднай Эўропы” ў мілашаўскім сэнсе. Эўропы шматмоўнай і шматкультурнай, часам талерантнай да іншага, часам ня вельмі; таго кавалка зямлі, што ня раз заваёўвалі і па жывому дзялілі межамі больш магутныя суседзі. Абодва паэты, дарэчы, у розны час мелі досьвед нелегальнага пераходу такіх межаў. Чэслаў Мілаш – з акупаванай саветамі Вільні ў акупаваную немцамі Варшаву, Максім Танк – з Заходняй Беларусі ў Беларусь савецкую.
Максім Танк, як і Мілаш, быў народжаны, калі Шатэйні й Пількаўшчына належалі да Расійскай імпэрыі, зьведаў эвакуацыю ў часе першай сусьветнай, правёў маладосьць на Віленшчыне ў складзе міжваеннай Польшчы. Далей, праўда, пачынаюцца ня толькі паралелі, але й кардынальныя пазыходжаньні. Калі Мілаш у вершы “Трывога-сон (1918)” (першы радок якога “Ворша – страшная станцыя…” выклікае ў сёньняшніх беларускіх чытачоў неадназначныя эмоцыі) малюе сваё далейшае жыцьцё як вечныя ўцёкі ад усходняй імпэрыі:
Трепет малого перед большим. Перад Імпэрыяй,
Што паўзе і паўзе на захад, з арканамі, лукамі, ППШ,
На фурманцы, і возьніка хвошча па сьпіне, на джыпе,
У генэральскай папасе, з картатэкай здабытых краінаў.
А я што – я толькі ўцякаю, сто, дзьвесьце, трыста гадоў,
Па лёдзе й наўплаў, удзень і ўначы, каб толькі далей,
Пакінуўшы роднаму берагу панцыр дзіравы
і куфар шляхецкіх папераў,
Бягу за Дняпро, за Нёман, за Буг, за Віслу
(пераклад мой) –
то пра Максіма Танка гаворыць ужо сымбалічная дата ягоных народзінаў – 17 верасьня. Верасень 1939 году – і перадусім 17 верасьня як дата ўваходу савецкіх войскаў у Польшчу паводле пакта Молатава-Рыбэнтропа – настолькі важная для Максіма Танка падзея, што ў беларускім літаратуразнаўстве дагэтуль існуюць два тэрміны, якія падзяляюць творчасьць паэта на дзьве няроўныя паловы, разрозьніваючы дзьве зьявы: даверасьнёўская і пасьляверасьнёўская лірыка Максіма Танка.
Бо нападзеньне Сталіна на Польшчу азначала для яго “вызваленьне” Заходняй Беларусі і аб’яднаньне яе зь Беларусьсю Ўсходняй, што беларускі паэт (і перакананы камуніст!) Максім Танк ня мог не сустрэць зь вялікім энтузіязмам. Ня мне, беларускаму літаратару, іранізаваць з аб’яднаньня Беларусі, але слова “вызваленьне” я ўсё-ткі пішу ў двукосьсі, бо вядома, якую “народам Европы свободу” нёс Сталін. У цытаваным вышэй мілашаўскім вершы ёсьць апісаньне перажываньняў хлопчыка, які баіцца адстаць ад цягніка – і назаўсёды застацца ў іншай краіне:
Так, быццам я зразумеў, што буду
Кімсьці іншым, паэтам іншае мовы й іншага лёсу.
Быццам пабачыў свой скон на берагах Калымы,
Там, дзе марское дно ўсё белае ад людзкіх чарапоў.
І мяне скаланула ад вялікай трывогі,
Што стала крыніцай усіх маіх прышлых трывогаў.
Найгоршы лёс абмінуў Максіма Танка ў 40-х і 50-х гадах. Яго ня зьнішчыла НКВД. Хоць некалькі разоў па Танка прыяжджалі ўначы і везьлі да Лаўрэнція Цанавы, што, як і ягоны правадыр з Пастарнакам і Булгакавым, таксама любіў гуляць з творцамі ў розныя псыхалягічныя гульні. З Танкам гуляў у більярд.
(А вось сястру паэта з маленькім дзіцем у 43-м годзе забілі савецкія партызаны. Ёсьць розныя вэрсіі гэтай цёмнай гісторыі. Паводле адной зь іх, лясныя бандыты шукалі схаванае золата, што быццам бы засталося Веры ў спадчыну. Золата не знайшлі, але жывых сьведкаў пакідаць не хацелі. Каб не падымаць шуму, не стралялі – абаіх пасеклі сякерамі. )
Паэт не сядзеў у савецкіх турмах. Больш за тое, ранейшыя рэпрэсіі з боку польскай санацыйнай улады (шасьцігадовы тэрмін, заменены потым на “два гады ўмоўна”, віленскія Лукішкі, дзе сядзеў актыўны дзеяч камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Максім Танк – усё гэта стала для яго свайго роду “ахоўнай граматай” пасьля. (Хоць, як згадвала жонка, былі гады, калі падрыхтаваная торба з сухарамі была ў іх доме заўжды напагатове.)
Максім Танк нават зрабіў не абы-якую кар’еру як савецкі літаратар і грамадзкі дзеяч. Зрабіўся Народным паэтам Беларусі (1968), атрымаў цэлую купу пасадаў і ўзнагародаў. Быў старшынём прэзыдыюму Вярхоўнага савета БССР і шматгадовым старшынём Беларускага саюзу пісьменьнікаў, Героем Сацыялістычнай Працы і ганаровым грамадзянінам гораду Менску. Атрымаў дзяржаўныя прэміі СССР і БССР (і, між іншага, польскую прэмію аўтарскага аб’яднаньня «ЗАІКС» (1971) за “пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаваньне дружбы паміж народамі”), чатыры ордэны Леніна (а таксама афіцэрскі крыж адраджэньня Польшчы). Атрымаў Ленінскую прэмію за перакладзены на расійскую мову зборнік “Нарачанскія сосны” (1978). Нобэлеўскай прэміі не атрымаў.
У адрозьненьне ад Мілаша, нікуды не эміграваў, але ў другой палове жыцьця неймаверна шмат падарожнічаў і ўбачыў палову сьвету. Плюс, не сыходзячы зь месца, зрабіўся спачатку грамадзянінам СССР, а напрыканцы жыцьця – грамадзянінам новай незалежнай дзяржавы Беларусі, чыю свабоду (як і нацыянальны бел-чырвоны-белы сьцяг) – успрыняў вельмі пазытыўна. Жыў доўга й шчасьліва– і памёр у адзін год зь любай жонкай. Якую, дарэчы, звалі Любоў. Пахаваны побач зь ёй недалёка ад сваёй роднай Пількаўшчыны. Напісаў кнігу зь невыпадковай для сябе назвай “Прайсьці празь вернасьць” – і стараўся не губляць сяброўскіх і прыяцельскіх кантактаў, сачыў на адлегласьці за лёсамі сваіх старых знаёмцаў па Вільні 30-х гадоў – і, зразумела, заўсёлы трымаў у полі зроку Чэслава Мілаша.
“Блюз уцекачоў”: Максім Танк-перакладчык
Цягам жыцьця Максім Танк чытаў і перакладаў шмат польскай паэзіі, клясыкаў і сучасьнікаў, сваіх сяброў і – сапраўды значных паэтаў (часам адно зусім не супяпэчыла другому). Сярод даўнейшых клясыкаў – вершы Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, сярод клясыкаў ХХ стагодзьдзя – вершы Юльяна Тувіма, Уладыслава Бранеўскага, Тадэвуша Ружэвіча, Віславы Шымборскай. Вось як выглядаюць у ягоным перакладзе Міцкевічавы “Акерманскія стэпы”:
Я выплыў на прастор сухога акiяна;
Воз, быццам лодка, тоне, ў зеленi нырае,
У хвалях кветак, шумных траў, мiнаю
Здалёк каралавыя астравы бур’яну.
Цямнее. Не вiдаць нi шляху, нi кургана.
Для лодкi пуцяводных ў небе зор шукаю;
Там воблака блiшчыць? Цi золак там палае?
Не, гэта — Днестр i ўсходзiць лямпа Акермана.
Як цiха! Спынiмся! Я журавоў лёт чую,
Якiх бы нават сокал быстры не угледзеў;
I як матыль калыша кветку палявую,
Як з шорахам вуж прапаўзае недзе.
У гэткай цiшынi так чутка ўсё лаўлю я,
Што чуў бы гук з Лiтвы. — Нiхто не клiча, едзем!
Зборнік выбраных паэтычных перакладаў Максіма Танка “На зорных шляхах: з паэзіі народаў свету” зьявіўся ў 1991 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі, але адлюстроўвае перакладчыцкую працу савецкага часу. Таму большасьць сабраных там тэкстаў – або бясспрэчная, старая клясыка, або вершы ідэалягічна правераных аўтараў – “надзейных сяброў” СССР і БССР. Або вершы, чыю тэматыку можна было б акрэсьліць як “прагрэсіўную”. Напрыклад, тыя, што ўкладаліся ў савецкую ідэалёгію барацьбы за мір. Гэта дазваляла Танку ўключыць у зборнік творы напраўду вартых увагі паэтаў. І, вядома ж, паэтак:
Віслава Шымборска
Віетнам
Кабета, як цябе зваць? – Ня знаю.
Калі нарадзілася, скуль ты паходзіш? – Ня знаю.
Нашто сабе ў зямлі выкапала нару? – Ня знаю.
Чаму ты мне палец сярэдні ўкусіла? – Ня знаю.
Ці знаеш, што зла мы ня зробім табе? – Ня знаю.
А ты на чыёй старане? – Ня знаю.
Зараз вайна. Мусіш выбраць. – Ня знаю.
Ці вёску тваю не спалілі? – Ня знаю.
Ці гэта ўсе твае дзеці? – Так.
Перакладаў з “эмігранта-ўцекача” Чэслава Мілаша ў гэтым зборніку не было. Затое зьявіўся геніяльны “Блюз уцекачоў” англа-амэрыканскага паэта Ўістана Х’ю Одэна. Беларускі пераклад, які наўрад ці стрывала б савецкая цэнзура, каб стары камуніст Танк не захаваў з маладосьці навыкаў і прыёмаў кансьпірацыі. Так, “нямецкія габрэі” з одэнаўскага арыгіналу ператвараюцца… ва “ўцекачоў ад фашызму”. Але найцікавецшае адбываецца з назвай. Перакладчык мяняе арыгінальны загаловак, называючы твор па першых словах: “Дзесяць мільёнаў”. І ня важна, што аўтар кажа пра іншы горад і нават іншы кантынэнт, для савецкіх цэнзараў “Дзесяць мільёнаў” – гэта безумоўна прагрэсіўны верш пра беларускі народ. J
Дзесяць мільёнаў людзей, як гавораць,
Жыве ў гэтым месцы.
Частка – ў палацах,
А частка – гібее ў развалінах дзесьці,
Але там няма для нас месца, мой мілы,
Няма для нас месца.
І мы сваю мелі айчыну,
Здавалася, добрую нават,
На карце любой, пашукаўшы,
Знайсьці яе лёгкая справа,
Але туды нельга вярнуцца, мой мілы,
Нам нельга вярнуцца.
“Няверны Фама”: Максім Танк “даверасьнёўскага” пэрыяду
Але вернемся на наш кантынэнт, да польскай мовы, якая заўжды была для Танка добрай мовай-пасярэдніцай, калі чыесьці творы ў арыгінале і ў іншых перакладах былі яму не даступныя. Так, ён прачытаў па-польску Франца Кафку яшчэ ў 30-я гады, амаль на паўстагодзьдзе раней за сваіх калегаў, беларускіх літаратараў – можаце ўявіць, якая добрая часавая фора!
У тыя ж часы Максім Танк чытае паэзію Маякоўскага, якой захапляецца (і якую значна пазьней сам будзе перакладаць). Але чытае не ў арыгіналах, якіх ня мае ў Заходняй Беларусі пад рукой, а ў польскіх перакладах. Часам польскамоўны эпіграф з Маякоўскага зьяўляецца перад уласнымі вершамі Танка. (Танк пасьлядоўна пісаў па-беларуску, але некалькі вершаў на польскай мове сабе дазволіў.) А ў 1935 годзе паэт запісаў у дзёньніку наступнае: “У старых сваіх паперах знайшоў перапісаную яшчэ ў 1932 годзе ў перакладзе Ю.Тувіма на польскую мову паэму Ул.Маякоўскага “Воблака ў штанах”. І чарніла выцьвіла, і тэкст зрабіўся невыразны. Трэба будзе нанава перапісаць яе ці, лепш, вывучыць на памяць. Эх, каб мог дзе я знайсьці гэту рэч на рускай мове!” Чым ня прыклад моўнай і культурнай “шматпавярховасьці” Максіма Танка!
Яшчэ ў Заходняй Беларусі, чытаючы польскую, а таксама сусьветную паэзію ў польскіх перакладах, Танк як бы прымярае яе на беларускую паэтычную традыцыю. “Не заўважыў, калі захварэў на хваробу, вядомую золаташукальнікам. Толькі і шукаю новых тэм, яшчэ ня сьцёртых ад частага ўжываньня новых слоў, рыфмаў, мэтафар, параўнаньняў. Зараз цяжка прадбачыць, што застанецца ад нашых ранейшых твораў. Адно ясна – ім пагражае інфляцыя”. (Зь дзёньніка за 1935 год.)
Або ў чэрвені 1939-га: “Цэлымі днямі працую над новымі вершамі, раблю нарыхтоўкі, розныя нататкі, якія некалі прыдадуцца. Стараюся сарыентавацца ў джунглях розных сучасных напрамкаў і школ. Як няверны Фама, хачу да ўсяго дакрануцца сваімі рукамі, каб знаць, што чаго варта. У нас часта гаворыцца аб вернасьці традыцыям. Сапраўднай традыцыяй павінен быць бунт супроць усяго, што аджыло свой век, бунт супроць розных схем, а не насьледаваньне адкрыцьцям мінулага” (курсіў мой – А.Х.).
А чатыры дні пазьней Танк занатаваў такі дыялёг: “Падышла К., якая быццам цікавіцца беларускай паэзіяй.
- Што вас натхніла пісаць вершы? Каханьне?
- Перш – цікавасьць, а потым – злосьць на неверагодную колькасьць дрэнных вершаў у нас”.
У 1939 годзе Максім Танк на ўзьлёце, зьвяртае на сябе ўвагу, лічыцца паэтам нумар адзін у Заходняй Беларусі. У яго зьяўляецца ўсё больш сяброў сярод польскіх, а таксама літоўскіх аўтараў. Танк шмат выступае, у Вільні і ня толькі. Пасьля аднаго трыюмфальнага віленскага чытаньня ўзбуджаная публіка панесла паэта на руках. Танк згадваў пазьней, што вельмі хваляваўся, каб ад такіх рухаў не разышліся яго старыя нагавіцы.
Паэт апісвае сваю паэтычную вечарыну ў Варшаве. Як чытаў вершы ў польскіх перакладах і па-беларуску. Як варшаўская публіка, у адрозьненьні ад віленскай, разумела арыгіналы не да канца. Як нехта запытаўся, што значыць па-беларуску: “не варта тужыць”. Як ён патлумачыў, а прысутны там польскі пісьменьнік Мэльхіёр Ваньковіч, што вырас на Случчыне і добра ведаў абедзьве мовы, пажартаваў: “не варта тужыць” – гэта “ня варта тут жыць”. На парозе стаяла восень 1939-га.
Танка актыўна перакладаюць. У 1939 годзе нават мае выйсьці кніжка вершаў па-польску. Паэт і перакладчык Казімеж Анджэй Яворскі, выдавец паэтычнага часопіса “Камэна”, анансуе ў нумары за красавік-чэрвень 1939 году выданьне “выбраных вершаў яскравага беларускага паэта Максіма Танка” ў сваіх перакладах у малой бібліятэцы “Камэны” на… кастрычнік 1939 году. Але жыцьцё ўнесла свае карэктывы.
“Нельга пісаць так, як я пішу”
Цяжка сказаць, як склаўся б лёс выбітнага паэта Максіма Танка, калі б ня той дзень ягоных народзінаў – 17 верасьня 1939. Магчыма, не было б шматлікіх паваенных пасадаў і ўзнагародаў. Вельмі імаверна, што чытачам не давялося б сёньня саромецца пэўных савецкіх вершаў, напісаных з той ці іншай нагоды – ідэалягічнай, юбілейнай, падарожнай (у рамах “дружбы народаў”) і г.д. У “даверасьнёўскага” Танка не было такой колькасьці графаманіі (да якой ён, здаецца, сам ставіўся са здаровым цынізмам яшчэ ў момант напісаньня: абы з рук – і хай хутчэй адчэпяцца). Але нельга не заўважыць і іншага: у “даверасьнёўскага” Танка не было й такой колькасьці бясспрэчных паэтычных удачаў. Нягледзячы на неабходнасьць прыстасоўвацца, паэт расьце й расьце. Піша іранічныя і самаіранічныя, часам гумарыстычныя, часам сатырычныя вершы, што выклікаюць у чытачоў сьмех, а часам і рогат.
Сьцяжынкаю хлопец зь дзяўчынай ідзе.
Настрой рамантычна-лірычны.
Калышацца адлюстраваны ў вадзе
Пэйзаж псэўда-рэалістычны.
Каторае дзесяцігодзьдзе яны
Так ходзяць і днём, і зьмярканьнем!
Гавораць адно пра свае працадні
І рэдка калі – пра каханьне.
/…/
І сьлёзы цякуць з маіх чулых вачэй.
О, колькі трагедый на сьвеце!
І дзіву даюся: як гэта яшчэ
У нас нараджаюцца дзеці?
І – нібы паралельна – стварае свае мудрыя, філязофскія, унівэрсальныя вэрлібры, што вядуць чытача бясконца далёка ад традыцыяў сацыялістычнага рэалізму.
Спрэчка зь ценем
Кожны дзень спрачаюся
Са сваім неадлучным ценем:
То ён мяне паказвае
Веліканам,
Якога я сам пачынаю баяцца,
То – гномам,
Абезгалоўленым сякерай сонца,
На якога сьмешна глядзець.
“Не падабаецца мне ні эпігонская паэзія, ні сучасная мадэрнісцкая – піша Танк у дзёньніку за 1981 год. – Найгорш тое, што ня знаю: якой жа яна павінна быць? І хоць адчуваю хранічны недахоп часу, але і той ідзе на пошукі адказу на гэта пытаньне” (курсіў мой – А.Х.). Савецкіх ідэолягаў мусіла б насьцеражыць такая альтэрнатыва: усё, што не мадэрнізм, – эпігонства.
Максім Танк па-ранейшаму ўважліва сочыць за польскай літаратурай. І гэта чытаньне неаддзельнае ад рэфлексіяў пра ўласнае пісаньне. Зь дзёньніка за 1984 год: “Прачытаў Ежы Гарасымовіча. Відаць, я бязбожна адстаў, бо ўсё менш разумею сучасную паэзію. Адно знаю: нельга пісаць так, як я пішу, але нельга пісаць і так, што губляецца ўсякая сувязь з чытачом”.
Часам творы калегаў-палякаў выклікаюць у Танка роздумы пра неабходнасьць перакладу. “Цікавая думка [Станіслава] ЕжыЛеца: “Хто перажыў трагедыю, той ня быў яе героем”. Трэба было б перакласьці яго афарызмы на беларускую мову, а перакласьці іх найлепш мог бы Янка Брыль, які апошнія гады сам спэцыялізуецца на мініяцюрах”. Яшчэ адзін запіс: “Гаварыў… аб перакладзе “Пана Тадэвуша”. У выдавецтве ня ведаюць, што рабіць, бо Язэп Семяжон амаль на 1/3 павялічыў колькасьць радкоў паэмы. Гучыць яна цудоўна, але, відаць, давядзецца яму скарачаць свой пераклад”.
“Мілаш, Мілаш, Мілаш!”
Але найбольш у Танкавых дзёньніках згадак пра Чэслава Мілаша. Найчасьцей – у позьніх запісах, на пачатку 80-х гг., пасьля атрыманьня Мілашам Нобэлеўскай узнагароды. Часам Танк піша пра яго як пра старога знаёмца па Вільні, на фоне іншых аўтараў-віленчукоў, Тэадора Буйніцкага і Ежы Путраманта. Часам камэнтуе той ці іншы мілашаўскі ўчынак або выказваньне. Скажам, перакладаньне Мілашам біблійных кніг. Зразумела, з думкай пра беларускія пераклады Бібліі. Або эсэ Мілаша пра Томаса Вэнцлаву, што выклікае жаданьне бліжэй пазнаёміцца зь літоўскім паэтам. (На дварэ часы позьняга брэжнеўскага застою, і абодвух паэтаў ня знойдзеш у савецкіх кнігарнях, але ў Танка шырэйшыя магчымасьці, польскія сябры перададуць “кантрабандай”.)
“Нешта даўно не атрымліваю польскіх часопісаў і газэт, хачу пазнаёміцца з апошнімі творамі Ч.Мілаша”, – піша Танк у 1981 годзе. А колькі месяцаў пазьней – відаць, атрымаў і пазнаёміўся – выдае такую гнеўную тыраду: “Чытаю ў Мілаша пра беларусаў, “вядомых з пасыўнасці, бязраднасьці і пакоры перад лёсам”. І гэта піша чалавек, які ня мог ня чуць пра бясконцыя выступленьні, забастоўкі, працэсы, збройныя выступленьні ў былой Заходняй Беларусі. І далей: “Прызнаюся, што беларусы для мяне застаюцца загадкай”. Блізарукасьць ці то вялікапанскае засьляпленьне ў адносінах да беларусаў, якое і сягоньня дае аб сабе знаць”. (8.09.1981)
Сем год пазьней, у 1988-м: “Перачытваю "Тры зімы" Мілаша. І сёньня, як і раней, паэзія гэта здаецца мне далёкай ад жыцьця, як і ўся паэзія "Авангарды" зь яе трыма М (места, маса, машына)”. Часам відаць іронію й насьмешку: “У польскім друку Мілаш, Мілаш, Мілаш! “Вядомосьці культуральнэ” пішуць, што чытачам ужо надакучыла чытаць пра яго. Як упруцца ў каго, дык за ім і не відаць нікога. Слушна. Так і ў нас”. Або: “Мілаш лічыць сябе літоўцам, хоць ён ня ведаў і ня ведае літоўскай мовы”.
Але з усіх гэтых запісаў вынікае, што Мілаш для Танка – больш чым стары знаёмы, калега або ідэйны апанэнт. Варта прыгадаць радкі, што цытаваліся тут на пачатку. “Так, быццам я зразумеў, што буду / Кімсьці іншым, паэтам іншае мовы й іншага лёсу”. Танк глядзіць на мілашаўскую біяграфію, як на варыянт сваёй уласнай, як на свой магчымы непражыты лёс, з папраўкай на некалькі важных выбараў, якія далей пасьлядоўна вялі абодвух да розных ідэалёгіяў і паэтыкаў, нават на розныя кантынэнты, але абодвух правялі праз усё ХХ стагодзьдзе й зрабілі вялікімі паэтамі.
Таму было б несправядліва, каб сярод польскіх перакладаў Максіма Танка не было вершаў Мілаша. І пры канцы жыцьця, у 1993 годзе, Танк усё-ткі сядае яго перакладаць, знайшоўшы твор, які як найбольш адпавядае ягонай уласнай паэтыцы й поглядам на мастацтва: “Нават шкада, што ня я гэта напісаў”, – прызнаецца Танк, побач з такой заўвагай: “Варта было б зь ім пазнаёміць і нашых “авангардыстаў”. Танк мае наўвеце мілашаўскі верш “Ars poetica?”, праграмны для польскага набэліста, але ня ў меншай ступені – і для беларускага клясыка
Чэслаў Мілаш
Ars poetica?
Заўсёды сумаваў за формаю зьмястоўнай,
Якая б ні была паэзіяй занадта і занадта прозай
І дазволіла б дамовіцца, не падвяргаючы нікога, –
Ні аўтара, ні чытача на мукі і пакуты.
У сутнасьці паэзіі непрызваітае ёсьць нешта:
З нас паўстае рэч, аб якой ня ведалі, што ў нас існуе,
Адно вачмі міргае, быццам выскачыў з нас тыгр,
Стаў у сьвятле, свае бакі лупцуючы хвастом.
Таму, знаць, і слушна, што даймон паэзію дыктуе,
Хоць перабольшваюць, што ён зьяўляецца ангелам.
І цяжка зразумець паэтаў ганарыстасьць.
Бо сорамна мне, бачачы іх слабасьць.
Ці ж чалавек разумны захоча быць дзяржавай д’яблаў,
Якія ім валодаюць, як у сябе, гаворачы на розных мовах.
Як быццам бы замала ім было, замала ўкрасьці яго вусны, рукі,
Патрабуюць да выгады сваёй зьмяніць і яго лёс?
Паколькі хваравітае сягоньня ўсё ў цане,
Хтось мо падумае, што я жартую толькі,
Ці, можа, вынайшаў яшчэ адзін я спосаб,
Каб з дапамогаю іроніі мастацтва захваляць.
Быў час, калі ў нас мудрыя чыталі кнігі,
Якія памагалі ў болі і няшчасьці.
Гэта ня тое самае, што заглядаць у тысячы
Твараў і псыхіятрычных клінік.
А сьвет жа не такі, як нам здаецца,
І не такі як нашыя трызьненьні.
Таму людзі захоўваюць маўклівую добрасумленнасьць,
Так здабываючы сваякоў і суседзяў пашану.
Гэта карысьць з паэзіі, што нам напамінае,
Як цяжка застацца той самай асобай,
Бо дом наш адкрыты, і ў дзьвярах няма ключа,
І нябачныя госьці ўваходзяць сабе і выходзяць.
Што гавару тут, паэзіяй не зьяўляецца, згода.
Бо вершы пісаць трэба рэдка і неахвотна,
Пад невыносным прымусам і толькі з надзеяй,
Што добрыя духі свой у нас маюць інструмэнт.
Пераклаў з польскай Максім Танк
Напрыканцы далучаю й сваю вэрсію мілашаўскага “Ars poetica?”, з удзячнасьцю як да аўтара верша, так і да яго першага беларускага перакладчыка Максіма Танка.
Ars poetica?
Я заўсёды шукаў як мага больш ёмістай формы,
што не была б ні занадта паэзіяй, ані занадта прозай
і дазваляла б паразумецца, не выклікаючы
найцяжэйшых пакутаў – ні ў аўтара, ні ў чытача.
Ёсьць непрыстойнае нешта ў самой сутнасьці вершаваньня:
з нас нараджаюцца рэчы, якіх мы ў сабе й не падазравалі,
і мы міргаем вачыма, нібыта з нас толькі што
выскачыў тыгр – стаіць у сьвятле і б’е хвастом па баках.
Слушна кажуць, што вершы дыктуюць нам духі,
хоць і ня варта сьцьвярджаць, што гэтыя духі – анёлы.
Незразумела, адкуль бярэцца гэтая пыха паэтаў,
якія так часта саромеюцца, паказаўшы ўласную слабасьць.
Хто з нас у цьвярозым стане захоча быць царствам дэманаў,
што пачуваюцца ў нас як дома, гавораць на розных мовах
і, быццам ім было мала скрасьці ў нас вусны і рукі,
спрабуюць – для ўласнай карысьці – зьмяніць наш лёс?
Усё хваравітае сёньня цэніцца болей,
і хтось нават можа падумаць, што я жартую
або – што я проста вынайшаў новы спосаб
ухваленьня Мастацтва з дапамогай іроніі.
Калісьці людзі чыталі толькі мудрыя кнігі,
якія дапамагалі трываць няшчасьці і боль.
Ды гэта ня тое самае, што зазіраць у тысячы
твораў, якія паходзяць проста з псыхіятрычнай лякарні.
А сьвет – зусім не такі, як нам падаецца,
і мы – зусім не такія “мы”, пра якіх мы трызьнім.
І людзі не парушаюць ветлівага маўчаньня,
каб заслужыць павагу сваякоў і суседзяў.
Карысьць ад паэзіі ў тым, што яна нагадвае нам,
як жа няпроста застацца самім сабою,
бо дзьверы нашага дому ніхто не замкнуў на ключы –
і нябачныя госьці ўваходзяць, выходзяць…
Згодны, усё, што я тут расказваю, – не паэзія,
бо вершы пішуцца рэдка і неахвотна,
пад невыносным прымусам і заўсёды з надзеяй,
што толькі добрыя духі абралі нас інструмэнтам.
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч
Андрэй Валер'евіч Хадановіч — беларускі паэт, перакладчык, філолаг.